Спявайце сваім дзеткам беларускія калыханкі!
Калыханкі - адзін з найстаражытнейшых песенных жанраў. Да нашых дзён не толькі ў фальклорных запісах, але і проста ў сямейнай памяці захавалася значна больш калыханак, чым забаўлянак. Магчыма, гэта абумоўлена іх вялікім практычным значэннем (цяжка нешта рабіць па хаце, калі не атрымліваецца ўтаймаваць дзіця), магчыма -дакладнасцю рыфмаў, простым зместам і нескладанай рытмікай верша, якія спрыяюць лёгкаму запамінанню.
Хадзіў певень па капусце,
Насіў сон у белай хусце,
Усім дзеткам прадаваў,
А Алёшку дарма даў.
Або вось гэта:
А-а, а-а, люлі,
Каток без кашулі.
А котачка ў лесе
Кашульку прынясе.
Там красёнцы ткала,
І кудзельку прала,
На сонцы бяліла,
На ветры сушыла.
Кашульку пашыла,
Катку падарыла...
Шмат каму гэтыя караценькія творы могуць падацца занадта прымітыўнымі - як жа, парныя рыфмы, аповед пра штодзённыя заняткі, ды яшчэ ў выкананні хатніх жывёлак - ката, пеўніка... Гэтым аматарам высокай паэзіі магу параіць паспрабаваць закалыхаць дзіця пад "Спят усталые игрушки..." Некалькі разоў давялося назіраць падобныя спробы, у выпадку немаўлят яны проста клінічна беспаспяховыя. Хоць здаецца, і мелодыя спакойная, і словы таксама простыя, а вось дзіця пад акустычныя канцэрты NRM хутчэй засне! Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што на старэйшых дзетак гэтая песня трохі дзейнічае. "Калыханкі" БТ і "СТБ" у нас асабіста мелі больш поспеху, а лепш за ўсё з агульнадаступных запісаных калыханак "усыпляла" песенька з радыё ("Добрай ночы, добрай ночы, // Засынай, мой любы хлопчык!").
Чым тлумачыцца нефункцыянальнасць некаторых аўтарскіх калыханак (ужываць словы "адсутнасць поспеху", мабыць, не варта, бо нам, дарослым, і старэйшым дзеткам яны падабаюцца)? Дый не толькі аўтарскіх. Пад падораныя мне касеты з неверагодна прыгожымі, на маю думку, запісамі бразільскіх і італійскіх калыханак маё дзіця засынаць упарта адмаўляецца. А пад японскія калыханкі увогуле спрабавала танчыць.
Па сутнасці сваёй, калыханка -гэта "сваячка" замовы, твора, які мае ў сабе элементы магіі. У адрозненне ад калыханак некаторых іншых народаў, дзе гэтыя элементы маюць тэкставае выражэнне, у беларускіх калыханках мелодыка замовы сканцэнтравана ў інтанацыі, у самой мелодыі, а не ў змесце верша<sup>1</sup>. Толькі зрэдку сустракаюцца тэксты вось такога кшталту:
Пайдзі, коця, на вулку,
А дзіця -у люльку.
На ката вуркота,
А на дзіця дрымота.
На ката безгалоўе,
А на дзіця здароўе.
На ката ўсё ліха,
А ты, дзіця, спі ціха.
Ты, коця, не вурчы,
А ты, дзіця, спі-маўчы.
Часцей у тэксце надараецца адзін замоўны элемент на ўсю калыханку: Курачкам гуляці, // А Алесю спаці.., або Люлі-люлі, спаці, // Добры сон дзіцяці, або На каточка вурката, // На дзіцятка дрымата. Вельмі часта тэксты беларускіх калыханак зусім у сабе не маюць гэткіх элементаў, і ператвараюцца ў забаўлянкі, варта толькі прыбраць з іх паўторы, ды замяніць "люлі-люлі" на, скажам, "ладкі-ладýшкі". А функцыя магічнага уздзеяння поўнасцю аддаецца мелодыі. Можа быць, менавіта таму нашы рускамоўныя цётачкі і сяброўкі, стаміўшыся ад паўтарэння ў кола "усталых игрушек", у выніку збіваюцца на "а а-а", "баю-баю", "люлі-люлі", нанізваючы іх на выкапаную з нетраў падсвядомасці музыку, якую наспеўвала яшчэ іх бабуля?
У замоўную магію калыханак можна не верыць. Але гэта далёка не адзіная нагрузка, якую нясуць гэтыя песенькі. Фактычна, гэта першыя музычныя і вершаваныя творы, якія стала чуе маленькае дзіця, якія даюць яму першыя ўяўленні не толькі пра родную музыку, яе гукавысотныя і рытмічныя ўзаемадачыненні, але і пра родную мову. Нават калі "люленькі" спяваюцца без словаў, мелодыка калыханак, іх інтанацыі арганічна рыхтуюць дзіця да ўспрыняцця і пераймання гукаў і інтанацый матчынай мовы.
Калыханкі - першыя для дзіцяці ўзоры мастацкага слова. Скажаце, занадта высока сказана пра гэткія простыя творы? Аднак не трэба забывацца, што творы гэтыя разлічаны на слухача, для якога кожная рэч - сапраўднае адкрыццё. Навакольны свет у іх падаецца ў вобразах, даступных і зразумелых дзіцяці. Сон, дрымота - гэта або нейкія жывыя істоты, або штосьці, што можна памацаць, прынесці ў кошыку ці хустцы (часцей белай):
Ходзіць кот па сенажаці,
Кліча сон ён да дзіцяці.
Ой, сонечку-галубочку,
Прыспі маю Ганулечку.
Ходзіць сон каля вакон,
А дрымота каля плота.
І пытае сон дрымоту:
- Дзе мы будзем начаваць?
- Дзе хацінка цяпленька,
Дзе дзетачка маленька,
А мы пойдзем начаваць
І дзяцінку калыхаць.
Ходзіць певень па капусце,
Носіць сон у белай хустцы.
Ўсенькім дзецям прадаваў,
А Ганульцы дарма даў.
Хадзіў коцік па плотку,
Збіраючы дрымотку.
Каток з плотку зваліўся
І дрымотку забыўся.
А-а, а-а, люлі,
Люлі-люлі-люлі,
А-а, а-а, спаці,
Я буду люляці.
Найчасцей героем калыханак бывае кот (котачка). Без ката не абыходзілася ніводная хата, дзе-нідзе ката сапраўды клалі ў люльку, каб пасля дзіцяці ў ёй добра спалася. Яго клічуць, дапамагчы закалыхаць дзіця - каго ж яшчэ прасіць падзяліцца досведам з малянём, як не істоту, якая спіць да 20 гадзін на суткі!
Люлі-люлі, кот шэры,
Ды замяці нашы сені,
Ды замяці нам хатку,
Дам катку заплатку.
Куплю катку боты
Не сваёй работы,
Хоць недарагія -
За два залатыя.
Пайшоў каток пад масток,
Злавіў рыбку за хвасток.
Ці самому з'есці,
Ці малой аднесці?
А я разок укушу
І маленькай аднясу.
Скочыў каток у куток
І скраў нітак маток.
А ты коце-варкоце,
Чаго сядзіш на плоце?
Ой, будзем ката біці,
Нашто ўкраў нам ніці,
Ой, зажэнем, зажэнем да гумна малаціці,
Лапкамі заграбаці,
А хвастом замятаці.
Люлі-люлі, коцік,
Не хадзі, па плоце,
Не хадзі па печы,
Буду біці ў плечы,
Не хадзі, па лаўцы,
Буду біці па лапцы.
Не тапчы падушкі,
Буду драці за вушкі,
Не хадзі па хаце,
Не будзі дзіцяці...
А яшчэ ён часамі падае з печы, яму аб'ядаюць хвосцік мышы, у яго адбіраюць лапцікі, анучы, паясок, каб аддаць дзіцяці... Карацей, таварыства абароны правоў жывёлаў у нашых вёсках яўна не дзейнічала. Аднак на гэтым пералік сумных здарэнняў у беларускіх калыханках збольшага сканчваецца. Нават няўдачы ката ці верабейкі падаюцца ў жартоўнай форме, з'яўляюцца для малога першымі (разам з забаўлянкамі) узорамі гумару. Калыханкамі не палохаюць дзіця, у іх адсутнічае страшная фантастыка, што гэтак часта сустракаецца ў казках. Нават "шэранькі ваўчок, што ўхопіць за бачок" у беларускія калыханкі прыходзіць вельмі рэдка. Замест гэтага, каб дзіця не клалася "на краю", прыводзяцца лагаднейшыя аргументы: А то з краю упадзеш, // Ручку, ножку разаб'еш...або Прыйдзець шэранькі каток, // Драпнець Янку за бачок.
Дый паглядзіце на герояў калыханак. Акрамя ката, у іх сустракаюцца гулі (галубы), куры, певень, конік, цяляты, зайчык, верабей... Галубы - сімвал пяшчоты, чысціні, акрамя таго, магчыма, вуркатанне гэтых шчадралюбных птушак, як і вуркатанне ката, нейкім чынам асацыявалася з закалыхваннем. Усе астатнія вобразы - таксама рэальныя, блізкія, з ліку тых, з якімі малое сустракалася вельмі рана. (Гэта цяпер паспрабуй адшукай жывога пеўня ці зайца, каб паказаць гарадскому дзіцяці...) Адбор лексікі таксама вельмі дакладны. Прагрэсіўныя мамы могуць мне нагадаць, што сучасныя лагапеды не рэкамендуюць чытаць вельмі маленькім дзецям творы, перанасычаныя памяншальна-ласкальнымі варыянтамі словаў. У калыханках прысутнічае вялікая колькасць словаў з памяншальнымі суфіксамі, але яны ў большасці сваёй аднатыпныя: каток, лясок, мядок, малачко, лапкі, а варыянты кшталту "вачаняты" (што маё дзіця дагэтуль спявае як "качаняты") не сустракаюцца. Таму калыханкі не перашкаджаюць развіццю мовы дзіцяці, а наадварот, спрыяюць развіццю як кругагляду, так і слоўнікавага запасу маленькага чалавечка.
Гулі, курачкі апякаюць маляня, прыносяць падарункі, гадуюць, забаўляюць. А часамі і дзіця таксама частуе сваіх апекуноў:
Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі гулі,
Селі на варотах
У чырвоных ботах,
Сталі гуркатаці.
А чаго ж вам даці?
Ці ячменю жменю,
Ці гароху троху,
Ці жыта карыта,
Ці бобу каробу?
Часта маці спалучала закалыхванне дзіцяці з нейкай іншай працай, напрыклад, сядала прасці. Тады рытм калыханкі прыстасоўваўся да рытму працы:
Люлі-люлі люляшу,
Я дзіцятка калышу,
Нітачку звіваю,
Песеньку спяваю.
Што выведу нітку
Камару на світку
Астануцца кончыкі
Камару на штончыкі.
Мама можа мяняць тэмп спеву таксама ў залежнасці ад настрою дзіцяці: больш энергічна ды гучна закалыхваюць дзіця, гатовае расплакацца, павольней, цішэй, лагодней - малое, што амаль ужо заснула. Аўтарскія калыханкі паддаюцца гэткім зменам цяжэй: паспрабуйце праспяваць у паскораным тэмпе "Спи, моя радость, усни!"...
Чаму ж большасць маладых беларускіх мам гэтак рэдка спявае сваім дзеткам народныя калыханкі? Звычайна адказваюць: няма часу, не ведаем словаў, не ведаем музыкі, майму малому яны не падабаюцца і да т. п. Прычым зазвычай усе гэтыя рэчы згадваюцца ў комплексе. Адзіны сапраўды смешны аргумент - гэта адсутнасць часу. Паспрабуйце заўважыць па гадзінніку, колькі ў вас часу сыходзіць на тое, каб закалыхаць малое без песні. Калі дзіця засынае каля вашых грудзей - гэта можа быць і пяць хвілін, і менш, я згодная. Але ў іншым выпадку песенька толькі дапаможа скараціць час, што сыходзіць на закалыхванне. І нават, што датычыць груднічка - што вы будзеце рабіць, калі адвучыце дзіця ад груднога малака?
Ваша дзіця не любіць калыханак? Няма маленькіх дзетак, якія не любяць музыку! Хутчэй проста ў вас пакуль не атрымалася знайсці "сваю" калыханку. Спрабуйце розныя мелодыі, мяняйце тэмп, як гэта рабілі нашы бабулі. Вы лічыце, што ў вас няма голасу, слыху, музычных здольнасцяў? Калі наспеўваць ціха, іншыя сямейнікі гэтага не заўважаць, а для дзіцяці ваш спакойны голас - у любым выпадку найлепшая музыка. Або можна проста спяваць-распавядаць калыханку рэчытатывам.
Немаўляты ў асноўным "выбіраюць" пэўную мелодыю, само гучанне калыханкі, словы для іх маюць менш значэння, часамі дастаткова чатырохрадковай песенькі з паўторамі. Але па-першае, вам самім надакучыць паўтараць ў кола адно і тое ж, а па-другое, выхаванне і развіццё інтэлекту дзіцяці пачынаецца з моманту нараджэння, а што калыханкі гэтаму спрыяюць, думаю, вы пераканаліся. Калі ваша дзіця прывучылася засынаць пад нейкую пэўную мелодыю, вы можаце нанізваць на яе тэксты іншых калыханак - нашы продкі таксама гэтак рабілі. Можаце наспеўваць нават нейкія дзіцячыя вершыкі. Пасля, чытаючы малечы гэтыя вершыкі ўжо з кнігі, будзеце радасна дзівіцца, чаму ваша дачушка гэтак добра і хутка іх запамінае. Дзеткі старэйшага ўзросту прывязваюць больш увагі да словаў, ім падабаюцца больш доўгія сюжэтныя калыханкі.
Калі вам больш падабаецца матыў, на які вы звычайна спяваеце люлі-люлі цяпер, і вы проста хочаце далучыць да яго словы, няма бяды. Наўрад-ці гэта тры блатныя акорды. Хутчэй за ўсё, гэта таксама мелодыя, выцягнутая з глыбіняў падсвядомасці. І нават калі вы не верыце ў сілу калыханак - галоўнае, што яны дзейнічаюць. Так што спявайце на здароўе. Салодкіх сноў і добрага здароўечка вашаму маляняці!
Люлі-люлі-люлі
Пайшоў кот па дулі,
Памарозіў лапкі,
Скочыў на палаткі,
А з палатак ды на печ,
Ды на бабку паміж плеч.
Тады коцік спужаўся
Ды на печку схаваўся.
Бабка коціка знайшла
Ды за вушкі патрасла.
Пайшоў коцік плачучы,
За ім бабка скачучы.
Ціха, коцік, не ўцякай,
Ціха, коцік, пачакай,
Ціха, коцік, не тужы,
Яшчэ з гадок паслужы.
Куплю табе боты
Слуцкае работы,
Боты дарагія --
За тры залатыя.
Ой ты коце, коце,
Не сядзі на плоце,
Хадзі лепей к нам, к нам,
Нешта табе дам, дам,
Каб па ночы не хадзіў,
Маёй дзеткі не будзіў.
А ты коцік, не хадзі
Да малюльку не будзі.
Малюлька малая,
Няхай спіць, гуляе.
Люлі-люлі-люлі,
Паляцелі куры.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куркі сакатаць,
А што куркам есці даць:
Ці ячменю жменю,
А ці жыта карыта,
Ці гароху троху,
А ці бобу каробу,
Ці грэчынкі рáжку,
Маленькай на кашку.
Гэй, да люлі-люлі,
Ды каты два.
Гэй, да люлюшанькі,
Ды шэрыя абодва.